МІГРАЦЫ́ЙНАЯ ТЭО́РЫЯ, тэорыя запазычання, тэорыя вандроўных сюжэтаў,

тэорыя, якая тлумачыла падабенства фальклору індаеўрап. народаў міграцыяй вусна-паэтычных твораў.

Вял. пашырэнне мела ў 2-й пал. 19 ст. побач з міфалагічнай тэорыяй (гл. Міфалагічная школа). Пачатак М.т. паклаў ням. філолаг Т.Бенфей. Прыхільнікі яе — зах.-еўрап. даследчыкі Р.Кёлер, Г.Парыс, А.Клоўстан, рускія А.М.Пыпін, У.В.Стасаў, У.Ф.Мілер. Недахопам М.т. было тое, што яна разглядала фальклор у адрыве ад асяроддзя, у якім ён бытаваў. Аднак увяла ў навук. ўжытак вял. фактычны матэрыял, пашырыла ўяўленне пра духоўную спадчыну індаеўрап. народаў. Бел. збіральнікі і даследчыкі фальклору ў 19 — пач. 20 ст. выявілі нямала фактаў фальклорнай міграцыі, узаемнага запазычання ў творчасці суседніх, асабліва слав. народаў (Р.С.Зянькевіч, Е.Р.Раманаў, Я.Ф.Карскі).

Літ.:

Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 1—4. СПб., 1890—92;

Коккьяра Дж. История фольклористики в Европе: Пер с итал. М., 1960;

Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 2. М., 1963;

Бараг Л.Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978.

Л.М.Салавей.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)